Навука ў вершах

Віншаванні з Раством!

   

Хрыстос нарадзіўся! Дык слаўце Яго!
Віншуем сардэчна са святам!
Ішлі пастухі і анёлы кругом,
А ў яслях  ляжала дзіцятка.

У гэтым дзіцятку надзея і мір,
любоў і святло ў кожным доме,
усім спадзяванне і радасць усім,
у ім ратаванне народам.

Хрыстос нарадзіўся! Дык слаўце Яго!
Вас шчыра віншуем і зычым,
хай радасць прыходзіць і супакой.
Праславіць Ісуса вас клічам.

 

***


Віншуем вас з Раством Хрыстовым!
Са святам, калі Божы сын
дзіцяткам стаў малым і кволым,
прынізіўшы свой царскі чын.

Віншуем Вас, бо з намі быў Ён,
за нас аддаў сваё жыццё,
і праз Яго мы ўсе святыя,
праз веру і праз адкрыццё.

Праславім Бога ў гэта свята,
што нас так моцна палюбіў,
Паслаў Ісуса ў свет дзіцяткам,
нам шлях да вечнасці адкрыў.

Віншуем Вас, бо нарадзіўся,
хто верных аб'яднаў царквой,
за вучняў Ён сваіх маліўся,
царкве Сам стаўся галавой.

Віншуем Вас з Раством Ісуса,
Хай прыдзе мір у кожны дом,
што сеялі - ўзыдзе густа,
дзе былі слёзы - смеху гром.

Амерыка

Амерыка, Амерыка – звецца Новы Свет.
Паўночная, Паўднёвая – падвойны кантынент.
Адна тут частка свету, мацерыкоў жа – два.
Адкрыў яе Калумб, Веспуччы даў імя.
Ад Амерыго ўзяла сабе такое званне,
Сабою заняла заходняе паўшар’е.
Паўночнай Кардыльеры фармуюць берагі,
Паўднёвую акрэслілі ўздоўж Андаў ланцугі.
Панамскім перашэйкам злучаюцца ў адно.
Карыбскім морам дзеляцца, і так ужо даўно.
На поўначы ёсць рэкі: Юкон і Каларада,
МакКензі, Місісіпі, на поўдні ёсць Парана,
канешне Амазонка і нават Сан-Францыску –
на мапах абазначаны яны блакітнай рыскай.
На поўначы азёры, падобныя на моры,
на поўдні шмат балотаў сабою рэкі твораць.
Два вадаспады знойдзеш – наверсе Ніагара,
А Анхель знізу будзе, у штаце Балівара.
Знайдзі яшчэ пустыні: Чыуауа, Атакама,
Санора, Патогонская і Сэгура таксама.
На поўначы з адметных раслінаў ёсць сяквоя,
і кактусаў багата, а ў джунглях – дрэвам воля!
Там мангры і какава, гуава і цытрыны,
Там кветак розных кшталтаў, лес – гонар для краіны.
Жывёльны свет Паўночнай падобны да Еўропы,
але жывуць тут скунсы, бізоны, антылопы.
Мядзведзь не буры – грызлі і чорны барыбал.
З драпежнікаў жывуць там пума, ягуар.
На поўдні ёсць ляніўцы, тапіры і кайманы,
апосумы і ламы, калібры, ігуаны.
Яшчэ ёсць браненосец і нават страус Нанду,
ды ўвогуле шмат птушак нам незнаёмых назваў.

Жылі здаўна індзейцы паўсюль розных плямёнаў:
Апачы, Інкі, Мая, Ацтэкі – шмат імёнаў.
Калі людзей у Еўропе за веру ціснуць сталі,
паехалі ў Амерыку хавацца пурытане.
Старанна працавалі, стварылі тут краіны:
Канада, ЗША, Перу і Аргентына,
Бразілія і Мексіка, Гаяна, Паргвай,
Балівія, Калумбія, Чылі, Уругвай.
Былі яны чужынцамі, зрабілі сабе дом,
былі між імі войны, і мір на шмат гадоў.

Але дакладна ведаю, хто веру захаваў,
жывуць дабраславёна, чаго жадаю вам.


 

Звер ты ці не звер?

- Ты хто, кажан, ці звер, ці птушка?

І крылы ёсць, і поўсць, і вушкі.

І лыч, напэўна ў парсюка

ты для сябе ціхенька скраў.

І зубы вострыя ты маеш,

і дзе здабыча адчуваеш.

Ты дзіўны цалкам, я хачу

пра кажаноў усё пачуць.

Чаму палююць яны ноччу?

Ці ўсе крывёй вячэраць хочуць?

Чаму вісяць стром галавой?

Паразмаўляй, прашу, са мной.

 

- Вы дзіўным называць прывыклі,

што воку вашаму нязвыкла.

Ці толькі птушкі крылы маюць?

Над морам рыбіны лунаюць.

А чым не звер блакітны кіт?

Няма ні поўсці, ні капыт.

Але ўсе ведаюць, што ён

дзяцей гадуе малаком.

Адрозніць так можна звяроў

ад птушак, рыб і паўзуноў.

Так млекакормячых назвалі,

у клас адзін усіх сабралі.

Хто мае хобат, а хто горб,

хто ласты мае замест ног.

Хто сумку носіць, а хто крылы,

а хто ў роце мае іклы.

А хто зубоў зусім не мае,

што жыць яму не замінае.

Хто пальцаў мае пяць, хто тры,

хто ворагі, а хто сябры.

Мы, кажаны, звяры начныя,

бо ворагаў днём шмат пільнуе.

А ў цемры добра мы лунаем,

бо рэхалот цудоўны маем.

Мы носам гукі выдзьмухаем,

вушамі рэха іх шукаем.

Мы да гары нагамі спім,

дарэмна не марнуем сіл

на ўзлёт, разгон: як адчапіўся

адразу ў палёт пусціўся.

На конт крыві – не слухай глупстваў,

ямо часцей казурак тлустых.

А некаторыя з раслінаў

нектар збіраюць на пажыву.

Але і ў байках знойдзем праўду,

кажан-вампір да крыві прагны.

Але і іх ты не знішчай,

захоўвай лепш і вывучай.

 

- Дык значыць, калі разабрацца,

то дзіва простым можа стацца.

Калі пра кажаноў пачуў,

палёгку нейкую адчуў.

Навука вабіць мяне змалку,

пра многае пытаю маму,

А мама кажа: «Свет – гэта кніга,

пазнанне пераможа ліха,

бо ў гэтай кнізе план Нябёсаў

распісаны па розных лёсах.

Тут вобразы, багацце ведаў,

шукай, чытай, вучы, даследуй.

Дзівосы свету стануць ежай, 

бо адкрываць свет нам належыць»

Развіні крылы!

Ня спіцца ў гняздзе малому арляняці.
Чаму, куды і дзе – ён хоча ўсё пазнаці.
Ды стомлены арол яму распавядае
пра горы, лес і дол, пра сонца, што сядае.
Даўно пара заснуць, набрацца трэба сілаў
бо заўтра ўпершыню ён выпрастае крылы.

«Паслухай, сыне мой, – малечы бацька кажа, –
у небе той герой, хто да зямлі паважны.
Хто ведае закон зямнога прыцягнення,
не зведае праклён ганебнага падзення.
Для неба мудры Бог стварыў нас дасканала,
ад дзюбы і да ног, прыгожа і ўдала.
Мы лёгкія, бо маем аблегчаныя косткі,
Паветра рассякаем спакойна кілем вострым
Нібы стырно наш хвост, прамыя на ім пёры,
праводзіць ён нас скрозь зацішшы і віхоры.
А крылы – рухавік, у неба падымаюць,
на горнай вышыні надзейна нас трымаюць.
Паветраныя хвалі парыць нам дазваляюць.
І крылы нібы шалі баланс вагі ствараюць».

Пакуль стары бубніў, заснуў малы глыбока.
Падняў іх зранку спеў, пачуты з-за аблокаў.
І вось штуршок – ляці, матуля выганяе.
Ён падае, глядзі! Крылы не развінае!
Ляціць малы ўніз, і вочы заціскае.
Як раптам, нешта ўвысь яго зноў падымае.
Ён вочы адчыніў і бачыць – знізу тата,
упэўнена злавіў, наверх нясе ўпарта.
Другая спроба – зноў падзенне і вяртанне,
вышэй, яшчэ, наноў, скачок, замацаванне.
І вось на схіле дня бясстрашна і спакойна
малое арляня парыць у небе вольна.

Часамі нас з табой грэх на зямлю кідае,
ратунак мае той, хто крылы развінае.
Усю волю зноў збяры, да слова павярніся,
душу сваю адкрый, да Бога памаліся.
Нібы паветра Дух цябе ізноў падыме,
бо ў слове моц і рух.
Малітва – нашы крылы.

Чаму кароўка божая?

Калі вясна перамагла зіму,
і цёплыя дзянькі насталі,
як кожны год, прачнуліся ад сну
і выпаўзаць на верх казуркі сталі.
Пералічылі ўсе свае шэсць ног,
размялі часткі і насечкі.
Памылі вочы, вусы, хто як змог,
і завялі пра светапогляд спрэчкі.
І мудры чмель, і летуценны матылёк,
камар падступны і пыхлівы конік
свае развагі пачалі здалёк,
з таго, што бачыць не маглі ніколі.
Што на пачатку на зямлі было:
казурка, яйка ці лічынка?
Усе пайшлі з асобіны адной,
ці створаныя словам за хвілінку?
Свае здагадкі выдала аса:
«Мы зробленыя з гліны ці паперы!»
Ёй запярэчыла пявуння-страказа:
«З вады мы выйшлі, з бурбалак і пены!»
Тут голас падалі жукі ўсіх масцей:
«Напэўна, у мінулым камяні ажылі».
Клапы і прусакі тлумачылі прасцей
«Сюды прышэльцы насякомых засялілі!»
Звінелі мухі, молі, мурашы.
Апошнія казалі пра сваю царыцу.
А мажны авадзень за ўсіх усё рашыў,
казуркам раіў трохі прыпыніцца:
«Паслухайце, спадарства, ёсць між нас
адна дзявіца з іменем прыгожым,
кароўкай клічуць яе кожны раз,
але чаму яна завецца «божай»?»
Знайшлі кароўку хутка на лісце,
яна там ела тлю старанна,
і папрасілі растлумачыць грамадзе,
чаму так дзіўна насякомае названа.
«Шаноўныя сябры, я дробненькі жучок,
для птушак я атрутная казурка,
пры небяспецы я пускаю малачко,
і пах яго адпужвае ўсіх хутка.
Таму кароўкай назвалі мяне,
а каб мы не спрачаліся дарэмна,
і помнілі, што Бог стварыў Сусвет,
а мы – Яго цудоўныя стварэнні,
мне дадзена імя, якое не забыць,
не выкрасліць з падручнікаў і кнігаў.
Я – божая, каб божымі вам быць
хацелася без спрэчак і разлікаў».

І зазвінелі, загулі, хто, як хацеў і мог,
жужжаць, пішчаць, і радасна спяваюць,
бо вынайшлі нарэшце, што іх Творца – Бог,
заўзята разам Творцу праслаўляюць.

Вялікдзень

На Пасху, на Вялікдзень
іду ў царкву з сям'ёй,
успомніць, як Збавіцель
забраў грэх твой і мой.

Бог Творца ўсіх нас любіць,
хоць чалавек грашыць.
Правіны нашы судзіць,
а хоча нас здабыць

Таму аддаў нам Сына,
Каб грэх наш не лічыць,
каб апраўдаць правіны,
У міры з намі быць

Ісус Святы і Вечны
Сам гнеў ад нас адвёў.
Прайшоў шлях чалавечы,
за нас з табой памёр.

На трэці дзень уваскрэснуў
І смерць Ён перамог!
Мы славім Яго песняй,
Бо Ён – наш Цар і Бог.

Ісус - наша свабода,
шлях, праўда і жыццё.
Ісус дае нам згоду,
дае нам мір з Айцом.

Незалежнасць - гэта

Незалежнасць – гэта межы.
Бог стварыў іх для краін.
Я сваёй зямлі належу.
Мы – народ, я не адзін.

Незалежнасць – гэта гонар
за краіну і людзей.
Веру, Божыя законы
памяняюць ход падзей.

Незалежнасць – гэта мова,
змалку я на ёй кажу,
родныя, святыя словы
з-пад прыгнёту адраджу.

Незалежнасць – гэта свята.
Сцяг высока свой уздыму,
заспяваю гімн заўзята,
Богу дзякую свайму.

Сяброўства яшчаркі і саламандры

На сонечны камень у лесе
Яшчарка пагрэцца лезе.
За ноч астыла яе цела,
быць жвавай яшчарка хацела.
Бо промні сонца даюць сілы,
цяплее кроў, цячэ па жылах.
Як бачыць, знізу ў цені росным
сядзіць істота з мокрым хвостам.
На яшчарку яна падобна,
ды нештачка не так усё роўна.
Набраўшыся пад сонцам спрыту,
рэптылія рашыла крыкнуць.

«Скажы, сяброўка, хто такая.
Ад холаду, што не ўцякаеш?
Зусім, гляджу, ты ўся намокла.
Залазь, тут сонечна і цёпла».

Істота ўверх узняла вочы:
«Да сонейка я не ахвоча,
люблю я прыцемкі і вільгаць,
па камянях не здольна прыгаць.
Бо лапкі мяккія ў мяне,
шукаю месца, дзе раўней.
Не маю кіпцяў, каб чапляцца,
ці праз ламачча праціскацца».

«Ці ты не яшчарка, сястрыца?
Не любім мы зусім вадзіцу!»

« Я саламандра, без вады
няма жыцця, чакай бяды.
На сонцы скура мая сохне,
ёй дыхаю, іначай здохну.
Амфібіяй мяне завуць,
бо ў вадзе малькі жывуць.
Лічынкі жабры нават маюць,
дарослыя іх адкідаюць».

«Скурай дыхаць? Ці так можна?
Лёгкія тады навошта?
Мая скура ў лупінках,
абнаўляецца пры ліньках.
А калі ёсць небяспека,
я прыкінуся калекай:
хвост адкіну, няхай вораг
пасля мяне шукае ў норах».

«Ад ворагаў не збавяць ногі,
я атрутная для многіх.
Сваёю яркай афарбоўкай
кажу звярам: лавіць без толку.
Ды іншых ворагаў хапае,
то хвост, то лапу адкідаю.
Магу пасля іх адрасціць,
але так лепей не рабіць.
Ды ўвогуле, мне спаць пара,
пакуль спякота не прыйшла.
Я мушу пад камень схавацца,
там прахалоды дачакацца.
Тады ўжо буду сілкавацца
ды слімачкамі ласавацца».

«А мне вось толькі час прыйшоў,
калі нагрэлася ўся кроў.
Я станаўлюся так спрытней,
таму шукаю, дзе цяплей.
Цяпер магу я паляваць,
ды за кузуркамі скакаць.
Давай, да заўтра, пабягу,
бо тут сябе не ўберагу».

Пабегла яшчарка па справах,
а саламандра разважала:
«Камусьці хочацца цяпла,
камусьці, каб была вала.
Імкнецца рыба плыць глыбей,
А птушак цягне ўсё вышэй.
Адным прыемна быць самотным,
другім сярод сяброў быць добра.
Каб ноччу ўсе жывёлы спалі,
то днём за ежу ваявалі б.
А так, у кожнага свой час,
сачы, палюй, рабі запас.
І ўсё ж… прыемнае знаёмства,
з ёй гутарыць было мне проста.
Прыйду сюды я заўтра рана,
мо яшчарцы сяброўкай стану».

Пра Лайдака і Царыцу

У вулею жыццё кіпіць,
працуюць усе, як мае быць.
Але знайшоўся там лайдак –
не хоча працаваць ніяк!
Хоць кушае ён мёду досыць,
але дабаўку зноўку просіць.
Яго ўсе трутнем называюць,
управы на яго не маюць.
А ён ад нечага рабіць
па вулею пачаў хадзіць.
Ды калі пчолку сустракае
Размовамі перашкаджае.
«Гляджу, працуеш ты, сястрыца,
няўжо на месцы не сядзіцца?»
«Калі б сядзела я на месцы,
то дзеткам не было, што есці.
У сотах я пылок бяру
і кашку кожнаму вару.
Варыць, карміць – вось мой талант,
я – кухар і афіцыянт.
І ты без справы не сядзі,
занятак па душы знайдзі.
Мне трэба няня ў дапамогу,
каб была любячай і строгай.»
Але пайшоў гультай лайдачыць,
ды іншую сястрычку бачыць:
без спыну крыльцамі махае
і перапыначку не мае.
І кажа: «Маю ў крылах сілу,
таму рашэнне я зрабіла
у вулею паветра чысціць,
каб болей прынесці карысці,
Спачатку ўсё я разлічыла,
усе дзіркі ў доме падлічыла,
і дзе павінна я стаяць,
і колькі трэба мне махаць.
Я інжынер і вентылятар,
калі да працы ты заўзяты,
магу цябе я навучыць
і як махаць, і як лічыць»
«Я лепей проста пасяджу,
на тваю працу пагляджу.
Падыхаю паветрам чыстым,
сядай, не будзь ты ганарыстай».

А побач пчолка штось будуе,
шасцікутнікі майструе.
«Гэта соты – пчолкі з іх,
мёд збіраюць для ўсіх.
Малечам соты ложкам служаць,
тут цёпла спаць і зручна кушаць.
будаваць я мушу роўна,
каб дасканалай была форма.
Люблю дакладнасць і ўлік.
Я – архітэктар і будаўнік.
Калі ўмееш ты чарціць –
да справы можаш прыступіць».
«Яшчэ чаго? – злаваўся труцень,
хто б працаваць мяне прымусіў?
Пайду далей гуляць-бадзяцца
і на вячэру спадзявацца».
Пасля сустрэў ён тую пчолку,
што ёсць разведчыцай- танцоркай.
Яна пакуль мёд не збірае,
ляціць, глядзіць, распавядае:
дзе бачыла паляну кветак,
ці дрэва росквіт, ці палетак -
усё праз танец перадасць,
бо надта любіць танцаваць.
Яе гультайніцтвам сваім
не працаваць не спакусіў.
Эканамістку ён пазнаў:
Улік вядзе пчаліных спраў.
Куды нектар, куды пылок,
карміць каго, паіць каго.
Яе задача так зрабіць,
каб кроплі мёду не згубіць.
На дапамогу ёй бухгалтар
запісвае падлікі шпарка.
Яны абедзве – працаўніцы,
падлікаў, лічбаў чараўніцы.
«А я люблю, было каб чыста,
ваконца каб было празрыстым.
Я лапкамі ячэйкі чышчу,
усім здаровечка я зычу.
Дзе смецце бачу – мыць я буду,
таму няма навокал бруду».
Усім лайдак спачыну раіў,
але лянотай не прывабіў,
бо прыляцелі пчолкі з поля,
няктар прыносіць – вось іх роля.
На ножках – для пылку вядзерка,
у хабатку нектару жменька.
Па сотах хутка раскладаюць
і зноўку ў поле адлятаюць.
Яны на полі – аграномы,
з усімі кветкамі знаёмы.
Туды-сюды пералятаюць,
і кветачкі так апыляюць,
каб завязаўся на іх плод,
каб ураджай быў і быў мёд.
А ў вулеі кладаўшчыкі
складаюць мёд, які куды.
Задача – соты зачыніць,
зімой сямейку каб карміць.
І кожны справу сваю любіць,
А труцень іх размовай труціць.
Былі настаўнік, ваданоша-
вады прынесці для ўсіх можа,
былі цырульнік, лекар быў,
што пчолак ад хвароб лячыў.
І ўсе яму распавядаюць,
чаму занятак не кідаюць:
«Мы ўсе адна сям’я, мы – цела,
усе члены ствараны ўмела,
і кожны мае свой талент
ім служым дзеля ўсіх, як след.
Калі старанна мы працуем,
то клопат бліжняга адчуем,
царыцы спадабацца хочам,
і славім мы яе ахвоча.»
Ды раптам гул пайшоў па вуллі,
бо пчолы ворага пачулі,
Усіх ахоўнікі склікаюць,
на чужаземца нападаюць.
Ад джалаў вораг уцякае,
ён сёння мёд не атрымае!
Ад смерці труцень уратаваўся,
ды канчаткова ён зазнаўся.
Сказаў: «Вядзіце да царыцы,
ці я не цар? Не годны рыцар?
Хачу я побач з ёю быць,
як цар хачу есці і піць.
Царыца труценя прыняла,
хоць мела клопатаў нямала.
І тайну вулею адкрыла:
«Тут усіх пчол я нарадзіла,
і кожнай нейкі дар дала,
ад сэрца праца каб ішла».
Калі лайдак яе пабачыў,
загаварыў зусім іначай.
У яе велічы і ласцы
пабачыў сорам свой і слабасць.
Прасіў прабачыць гонар свой,
бо зразумеў, дзе супакой.
Адчуў, што хочацца спяваць,
царыцы веліч праслаўляць.
Так разумеў ён свой талент,
заззяў у сэрцы дыямент.
Ён пры царыцы стаў музыкам,
паэтаў, спевакоў паклікаў,
Каб годна вулею служыць,
і не дарма жыццё пражыць.

Улоў

Спытаў карась у чарадзе:
«Чаму нам добра ў вадзе?
Хацеў бы я, як птушка быць,
па небе лётаць, а не плыць».
«Таму што ў вадзе шмат корму»-
прамовіў карп, што есць не ў норму.
«Вадою абцякае цела» -
Худая плотка слова мела.
«Святло ўсё луска адбівае», –
размову акунёк трымае.
«Паверх лускі маем мазь», –
разважае стары язь.
«Мы праз жабры можам дыхаць»-
ёрш рашыў сяброў паклікаць.
«Плаўнікі – вось у чым рэч», –
бурбалкі пускае лешч.
«Плавальны пухір у нас»-
лінь сказаў і знік у раз.
«Можам закапацца ў глей», –
прашмыгнуў вугор, як змей.
«Я сам птушку магу з’есці», –
шчупак у размову змог улезці,
Напалохаў рыб ушчэнт -
сапсаваў сабе абед.
Таўсталобік моўчкі еў,
ды сказаць у след паспеў:
«Для раўнавагі ў рыбы збоку
лінія ў дапамогу зроку».
«Мы цудоўныя нырцы», –
далучыліся яльцы.
Ды карась не адступае,
на сваю долю наракае.
«Раз табе ўсё не так,
з’ем цябе», – сказаў судак.
«Ты нам на адзін укус», –
сом прамовіў і мянтуз.
Ды паспеў карасік збегчы,
хвост уратаваў малечу.
Раптам бачыць – чарвячок,
з’еў – патрапіў на кручок.
Быў у рыбака ўлоў,
На вячэру – рыбны плоў.
Апостал Пётр быў рыбаком,
пакуль сустрэўся ён з Хрыстом.
А як прайшоў з ім вір падзей,
Сказаў Ісус: «Лаві людзей».

Не бедная паганка

Паганка плакала ў лесе:

- Ніхто мяне не можа з'есці,
Мяне піхаюць усе нагамі,
а баравік у кош паклалі.

Ды побач мудры мухамор,
які не ловіць з неба зор,
паганцы ціха адказаў:

- Нас не на тое Бог ствараў.
У сваёй грыбніцы маем сілу
апад і падаль зрабіць гніллю.
Складанае мы робім простым,
і раздаём таму, хто просіць.
Каб не раслі грыбы пад дрэвам,
і дуб, і граб заўжды б хварэлі.
А мы ім моцы дадаем,
з карысцю разам мы расцем.

- Але чаму адных ядуць,
а ад другіх у супе мруць?

- Не нам з табою вырашаць,
хто будзе жыць, бо ўсе грашаць.
І сярод нас ёсць паразіты,
што дрэва нішчаць, зерне жыта,
і іх ніхто не пераможа.
Таму сама жыві, як можаш,
і на жыццё не наракай,
бо ў нашым лесе – грыбны рай.

- Скажы мне, брат, я неяк чула,
што людзям цвіль жыццё вярнула.

- Так, ёсць такія сярод нас,
з іх робяць лекі ад зараз.
Таксама ёсць такія цвілі,
з якімі сыр людзі зрабілі.
Ядуць такі далікатэс -
у здароўі бачыцца прагрэс.
Яшчэ ёсць дрожджы, іх кладуць
у цеста, калі хлеб пякуць,
каб былі булкі, як пярына,
але рыпучая скарынка.

- Ты многа мне распавядаеш,
ці на пытанне ўсё ж адкажаш? -
Ці горай я за сыраежку,
што вунь красуецца праз сцежку?

- Ты не глядзі на то, што звонку,
бо над зямлёй на ножцы стромкай
пладова цела лезе ўгору
задачу мае сеяць споры,
яны як зерне- ўсё драбніца,
з якіх пасля расце грыбніца.
А пад зямлёй – вось, дзе аснова,
займае грыб прасторы многа,
ды з каранямі ён сябруе,
дае ім ежы, што бракуе.
Таму сама зірні глыбей -
і зразумееш, ці важней
та сыраежка за цябе,
бо ісціна заўжды на дне!

- Я зразумела, хоць я бледная,
але на справу ўсё ж не бедная.
Але хай дзеткі знаюць добра,
не кожны грыб на ежу годны.
Хай кніжкі розныя чытаюць
атрутны грыб запамінаюць.

Знаю пяць ...

Запрашаю пагуляць
я цябе ў «Знаю пяць».
Як не любіш ты сістэм,
называй і шэсць, і сем.

Дрэвы буду называць,
іх умею пазнаваць:
ліпа, елка, дуб, сасна,
клён, бяроза і вярба.

Назаву я шэсць кустоў,
ну а можа хмызнякоў:
глог, каліна і шыпшына,
бузіна, язмен, крушына.

Сярод лекавых раслін
рамонак знаю не адзін,
чыстацел, падбел, крываўнік,
медуніца, святаяннік.

А каб не было пакутаў,
трэба ведаць нам цыкуту,
ландыш, блёкат, беладонну,
баршчавік, вока вароны.

Захаваць нам трэба ўсім
чаравічак і чылім,
сон-траву, гарлачык белы,
кучаравую лілею.

Крупаў насыпаю жменю:
жыта, грэчкі і ячменю.
І пшаніца – гэта проста,
кукуруза, лён і проса.

Клумба  расцвіла паволі:
цюльпаны, крокусы, півоні,
ружа, астра, нагаткі,
аксаміткі і браткі.

Можна так гуляць да ночы,
але трэба гульню скончыць.
Пераможца тут адзін -
Творца ўсіх зямных раслін!

Канструктар "Глеба"

Сабраў з канструктара я дом,
Машынку, робата, паром,
хацеў сабраць і карабель,
ды частак не хапіла мне.
Усё разабраў і зноў працую:
вялікі ветразнік майструю.
Ды ветразі мае дэталі
ад самалёта атрымалі,
штурвал – ад верталёта частка,
а з робата зрабіў я мачту.

Занятак гэты мой падобны
на Божы свет нерукатворны.
Бо свет наш з атамаў сабраны,
і суша ўся, і акіяны,
вада, паветра, сонца, горы,
усе расліны і жывёлы.

Вось паглядзі, расце расліна.
Адкуль бярэ для росту сілы?
Высмоктвае з вадой дэталі,
што ў глебы былі і чакалі.
Расце, квітнее, дае плод,
а потым жухне, і праз год
сама становіцца крыніцай
расліны новай будаўніцтва.

Або зжуе травінкі заяц,
ад іх расце і мае шанец
пражыць жыццё, радзіць нашчадкаў,
памерці, стаць гнілым астаткам.
На месцы тым, дзе зай памёр,
расце ядловец ці чабор.

Глядзі, нідзе не прападаюць
дэталі нашы, утвараюць
у глебе чысты перагной:
ўрадлівы, цёмны, рыхлы слой.
Дык што мы бачым? Вось карціна:
Кругазварот усіх часцінаў.
Расліны часткі сабіраюць,
бактэрыі – усё разбураюць.
Праз глебу ўсё вакол звязана:
жывое з нежывым з’яднана.

Цяпер успомні словы Бога:
Адам паўстаў з пылу зямнога.
Зляпіў, як з гліны, чалавека
Бог з розных атамаў, малекул.
А потым удыхнуў Свой дух,
Свой вобраз даў, каб быць удвух
з тым, хто, як Бог, мае любоў,
пачуцці, разуменне слоў,
хто мае розум і жаданне
мець з Богам на зямлі яднанне,
хто можа прачытаць Прыроду,
як кнігу, што дае свабоду.

Прыгоды малекулаў

У слоіку адным жылі
шмат малекулаў вады.
Былі яны родныя,
як адна, падобныя.
Кожная ў сабе змяшчала
атам кіслароду малы,
а вакол яго ўжо звыкла
вадароду два прыліпла.
Нібы вушы галавы
тыя атамы былі.
Што малекулы рабілі?
Карагодамі хадзілі,
растваралі між сабою
ўсё, што трапіла з вадою.
Ды аднойчы слоік знялі,
а, навошта, не сказалі.
Пералілі ўсю ваду
і адразу на пліту.
Тут малекулы адчулі:
іх суседкі адштурхнулі,
сталі, як адна, усе злымі.
Што такога ім зрабілі?
Бегаюць туды-сюды,
уцякаюць, хто куды.
Раптам нешта зашыпела...
Усё паветра, што сядзела
між малекулаў вады,
паднялося да гары.
Зашыпела, закіпела
і ўжо пара паляцела.
Можа там вада гарыць?
Як тады ваду тушыць?
Не пажар гэта, не дым...
Там малекулы вады
так нагрэліся ў сварцы,
сталі кіпенем у варцы,
не змаглі трымацца болей,
паляцелі ўверх, на волю.
Ды калі куды прыстануць,
кропляй вадкай зноўку стануць.
Калі трапяць на мароз,
можа стацца такі лёс,
то прыгожаю сняжынкай
лягуць дружна на сцяжынку.
Моцна за рукі вазьмуцца,
шасцікутнікам сыдуцца,
бо сняжынцы трэба мець
промняў стромкіх роўна шэсць.
Вось цікава, ці забылі,
як вадою вадкай былі,
Ці, як газаю ляталі,
Можа ўсё пазабывалі?
Ды як толькі на далоньку
лягуць снежныя іголкі,
так адразу... і растаюць.
Не, яны не забываюць.
А цяпер успомнім самі,
у якім бываюць стане
ўсе малекулы вады.
Ў лёдзе – цвёрды стан заўжды,
газавобразны ў пары,
вадкі стан вадой названы.


Гульня з паветрам

Я гуляюся з паветрам -

веерам раблю я ветрык,
і лаўлю яго пакункам,
лопаю пакунак хутка,
тое, што яго не бачу,
што яго няма - не значыць.
Я магу яго ўзважыць:
поўны шарык долу ляжыць.
Бурбалкі калі пускаю,
што ў іх паветра, знаю.
І калі капіць вада,
і калі ў вадзе зямля,
і калі намылюсь мылам -
бачу я паветра сілу.
А нашто яно такое?
Ўсё ім дыхае жывое,
і каб вогнішча гарэла,
і жалеза каб ржавела,
каб па моры караблі
з ветразямі плыць маглі,
каб напампавалі шыны
ровара і для машыны,
робяць электрычнасць з ветру,
птушка лётае ў паветры,
нават самалёт трымае,
што ў неба ўзлятае.
Чалавеку яно служыць,
ад яго часамі тужыць.
Можа ён паветру шкодзіць,
калі справы свае робіць:
з комінаў завода дым
пыхкае аўтамабіль,
вокал розныя пластмасы,
і атручаныя газы.
Хто ж паветра абароніць,
хто ачысціць, не зашкодзіць?
Месца першае - раслінам,
Бог дае на гэта сілы:
вуглякіслы спажываюць
кісларод нам вылучаюць.

Але ты, чалавек,
помні свой запавет,
бо Зямля табе ў рукі аддадзена.
Пра яе клопат май
чысціню падтрымай,
каб не быў гэты свет тайком скрадзены.

Стварэнне Свету

Спачатку Бог зямлю і неба
Стварыў з нічога, з пустаты.
І Дух лунаў нябачным следам
над водамі пустой зямлі.
І паступова, за сем дзён
Стварыў Сусвет бязмежны.
У першы дзень прамовіў Ён -
святло паўстала ў цемры.
Святло мы называем дзень,
а цемру клічам ноччу.
Наступным днём нябёсаў цвердзь
Стварыў, другі дзень скончыў.
Ваду ў адно Сабраў наш Бог
на трэці дзень стварэння,
узнікла суша сярод вод
і мораў паглыбленні.
Зямля траве дала жыццё,
усякай зеляніне.
Чатвёртым днём на небасвод
Павесіў Ён свяцілы.
На пяты дзень жывёл вада
ў глыбінях нарадзіла.
І рыбіну, і паўзуна,
і птушак увысь пусціла.
Вось шосты дзень настаў і Бог
зямных жывёл рассеяў,
а пасля ўсіх стварыў таго,
каму зямлю даверыў.
Па вобразу свайму Стварыў
з зямлі Ён чалавека,
на сёмы дзень наш Бог Спачыў
ад працы над Сусветам.

Фотасінтэз

Бегаць мама не пускае,
пакуль кашы не даем.
А як міска ўжо пустая,
то на вуліцу ідзем.

Можа так і мама-лісцік
не пускае маляня,
а як скончыць фотасінтэз,
можа гойдацца паўдня.

Толькі кашу мама варыць,
а лісточак мусіць сам
з вады ды вуглякіслай газы
зварыць глюкозу, як кухар.

Замест агню - праменне сонца,
замест патэльні - хларафіл.
У ім мяшае наш малойца
прадукты на вячэрні пір.

Калі глюкозу спажывае,
расце ўсё дрэва разам з ім,
а ў паветра выпускае
газ кісларод, ён лішнім быў.

Я патлумачу: слова "фота"
на грэцкай мове ёсць "святло".
А "сінтэз" - кухара работа:
мяшаць, складаць, рабіць адно.

Бог Творца даў ім гэту з'яву,
і Сам Святлом раслінам быў,
пакуль свяцілы не заззялі,
што ў дзень чацвёрты Ён стварыў.

Не жыць жывёлам без раслінаў,
ды чалавек не будзе жыць.
Нам Госпад запавет пакінуў,
зямлёй валодаць і служыць.

Пра жолуд, які шукае сэнс жыцця

На зімку сойка зноў і зноў
хавае скарбы з жалудоў, 
але, як часцяком бывае,
пра месца скарбу забывае.

І ў гэты раз крамяны жолуд
быў кінуты з галінкі долу,
лістоццем жоўтым прыхаваны,
ляжыць і ціха разважае:

"Ну вось, навошта бацьку дубу
сыноў сваіх кідаць на згубу?
З'ядуць мяне, калі не сойка,
то дзік сівы або вавёрка.
Няўжо на гэта быў я створан,
каб ежай стаць ці проста гноем?"

І падаў снег зімою шчодра,
пакрыўшы жолуд цёплай коўдрай.

"Жыццё ўжо стала даспадобы,
няма ні працы, ні хваробы.
Як знатны цар я тут ляжу,
у гэтым сэнс жыцця, гляджу:
каб кожны свой знайшоў куток,
дзе ён сам быў сабе панок.
Каб была цёплае мястэчка,
дзе супакой, канапа, печка.
І каб нічога не рабіць,
але ў асалоду жыць."

Але вясна ўжо надыходзіць,
і сонца снег праменнем топіць.
Я стала цёпла і вільготна,
дык жолуд застагнаў гаротна:

"Ой, вось баліць цяпер бачок,
трэснуў моцны кажушок,
капялюшык адарваўся,
дзе ж ён, родны, падзяваўся?
І ў сярэдзіне баліць,
нібы нешта там свярбіць."

Гэта корань лезе ў глебу,
жолуд гэтага не ведаў,
думаў ён, што памірае,
што нутро яго знікае.

Корань глебу зачапіў,
і ваду з зямлі ён піў.
Вось тады ўжо сцябло
ўверх да неба папаўзло.
І з'явіліся лісточкі,
скінуўшы скарлупку-бочку.
Не знайсці стары нам жолуд,
вось, расток расце ў гору.

За зямлю трымае моцна
корань галінасты рослы,
ён з зямлі вадзіцу смокча,
напіць лісточкі хоча.
Па сцяблу яна бяжыць, 
да галінак шлях ляжыць.

А зялёныя лісточкі 
працу робяць днём і ноччу, 
бо яны з вады і сонца,
і з паветра, што бясконца,
робяць ладна і няпроста
ежу для жыцця і росту.

"Я такога не чакаў, - 
голас жолуда сказаў, -
Мусіў я перамяніцца,
даць расліне нарадзіцца,
каб з мяне праз шмат пакут,
вырас новы моцны дуб.
Буду я служыць стварэнням,
ачышчаючы паветра.
Ежай буду насычаць,
месца для жыцця даваць,
мае лісты на лекаванне
будуць для людзей прыдатны,
а калі я старым стану,
на драўніну буду ладным.
Няма лепей адкрыцця, 
вось, дзе сэнс майго жыцця."

Мусіў жолуд наш загінуць,
каб стаць цудоўнаю раслінай.
Так нашы целы аднавяцца
ў Царстве Божым, кажа Збаўца.
Пакуль у целе не загінем,
не зможам уваскрэснуць у сіле.
Але пасля ўваскрасення
не будзе слёзаў і цярпення.
За гэта будзем славіць Бога,
Айца, Ісуса, Духа Святога.

Апыленне. Пра самотны каласок

Ад поля жыта нездалёк
на лузе вырас каласок.
І хоць між кветак дзікіх жыў,
Самотным каласок той быў.
Паўсюль гарачыя размовы
пра колеры ды пра ўборы,
пра матылькоў, мядовых пчол,
што лётаюць між і вакол.
Бо пчолы мёд у іх збіраюць,
пылком ад іншых апыляюць.
Такімі іх наш Бог стварыў,
прад пчоламі іх цвет скарыў.
Даюць тычынкі семя пылам,
з нектарам песцік мае рыла.
Казуркі лезуць за нектарам,
пылок здымаюць раз за разам.
І на суседнюю расліну
ляцець заўжды яны павінны.
Каб там, сабраўшы зноў няктар,
для песціка прынесці дар.
Такі для кветак ёсць парадак,
і плоду завязь дасць пачатак.
Каб быў жыцця плод і працяг,
салодкі кветка мае пах.
Панура каласок стаіць,
не ведае, як пчол злавіць.
А кветкі за ягонай спінай,
смяюцца і разводзяць кпіны.
Хто кажа: "Творцу ты маліся,
каб мухі на цябе знайшліся,
мо тыя апыляць цябе,
інакш загінеш у траве."
А колас ведаў веліч Бога,
які стварыў яго такога.
І ўсё чакаў, што будзе цуд,
чакаў жыццё, а не прысуд.
І была бура, дождж, грымоты - 
не далі коласу дабротаў.
Ні ў спёцы, ні ў расе дарунак,
і моліць колас пра ратунак.
Тут ціхі ветрык з поля дзьме,
і на сабе ён пыл нясе.
Ад каласоў, што там растуць,
пылок свой ветрыку даюць.
І кветкі іх не маюць паху,
але не знаюць яны страху.
Бо вецер колас апыляе,
прыгожым днём пылок лятае.
І дасць расліна буйны плод,
хто ў трыццаць, ну а хто ў сто крот.
Так спраўдзіцца вялікі план:
Плод выяўляе праўду, зман.
Прыйшлі жняцы, жніво сабралі,
тым каласком сноп абвязалі.

Куды зніклі дыназаўры

дыназаўры верш

Я сёння сон прысніў чароўны,
дзівосамі той сон быў поўны.
Я бачыў свет, які мінуў,
да дыназаўраў зазірнуў.

Навокал дзіўная прырода,
жывёл няведамых чароды.
Там горы нібы ў пляс ідуць,
вулканы попелам равуць.
Бушуюць рэкі, шторм на моры.
Прырода яўна не ў гуморы.
Нядаўна здарыўся Патоп,
жывёл загінуў там натоўп.
Цяпер зямля дзяліцца стала,
то лёд, то непагадзь настала.

Уздоўж расколатай зямлі
звяры ў шэрагу ішлі.
Яны шукалі сабе месца,
каб яйка ў бяспецы знесці.
І вось пячора сярод скал,
і тата-дыназаўр сказаў:
"Вось тут для нас будзе хаціна,
пакуль спакойная хвіліна,
ёсць час зрабіць сабе гняздо,
ад ворагаў схавае дом".

Праз нейкі час у яйку іхным
малыш знутры прадзюбаў дзірку.
І выйшаў дробны дыназаўр,
свой нораў жвавы паказаў.
Яму цікава ўсё навокал,
пра ўсё, што бачыў сваім вокам,
бацькоў зацята ён пытае,
усё ведаць, разумець жадае,
і тата ўсё апавядае:

"Глядзі, мы ходзім па раўнінах,
ямо траву, яе павінны
за дзень мы тонамі з'ядаць,
а ежу трэба нам шукаць.
Нам трэба есці многа, з лішкам,
травы, галінак, лісця, шышак.
З вяршыняў дрэў лісты дастанем
і багавінне есці станем.
Нам моры проста па калена,
жывем мы мірна і сумленна.

Навокал дыназаўраў многа,
ёсць тыя, у каго тры рога,
а ёсць такія, што на спіне
нясуць агромныя пласціны.
Ёсць тыя, што нясуць браню,
хаваюць скуру так сваю.
А ёсць драпежныя істоты,
пускаюць дым зубатым ротам,
здабычу ікламі парвуць,
каб часткі лёгка праглынуць.
Такія ёсць, што яйкі красці
прывыклі, шмат ад іх напасці.
Але не трэба нам баяцца,
хвост маем, каб абараняцца.
У небе нашым птэрадактыль
казурак ловіць на сняданак.
У морах яшчары жывуць,
лаўчэй за рыб яны плывуць."

Вучыўся так малы па ціху,
але прыйшло на зямлю ліха.
Балоты хутка высыхаюць,
дзе ежы ўзяць зверы не знаюць,
а моры ў глыб усе пайшлі,
ужо багавіння не знайсці.
Хадзілі дыназаўры гуртам,
шмат гінула ў пясчаных бурах,
вулканы лавай іх хавалі,
і землятрусы ўбівалі.

І тут, як раз, я і прачнуўся,
ад страху нават страпянуўся.
І з ранку кнігу я дастаў,
пра дыназаўраў прачытаў.
Як навукоўцы іх адкрылі,
шкілеты іх у іле былі.
Жыло іх шмат па ўсёй планеце,
знайшлі на кожным кантыненце
іх рэшткі ў пясках і лёдзе.
Цяпер няма іх у прыродзе.

А дыназаўры ўсіх цікавяць,
жыццё іх навукоўцаў вабіць.
У Бібліі маёй сказана
пра бегемота, левіяфана.
Відаць, іх бачыў чалавек,
што жыў у пасляпатопны век,
бо ёсць паданні і быліны,
на скалах дзіўныя карціны.
Хто кажа "цмок", а хто "дракон",
"жахоцце", "змей-гарыныч" - ён.

Але мне ясна, грэх - прычына,
Патопу, бураў і лавінаў,
змяніўся воблік той Зямлі,
дзе людзі першыя жылі.
Але ў Госпада свой план:
на смерць Ён Сына Свайго даў.

Еўропа

Еўропа верш

Нашу з вамі частку свету
ўсе здавён Еўропай клічуць.
Беларусь у месцы гэтым
Людзі слушна цэнтрам лічаць.

Легла між вараг і грэкаў,
між Масквой і Лісабонам,
тут радзіма немцаў, чэхаў,
сербаў, шведаў, вуграў, шкотаў.

Ад арктычных льдоў да мора,
што Міжземным свет заве,
Клімат мяккі і суворы,
ад сухавею да завей.

Край раўнінны і пляскаты.
З гораў - Альпы, там Манблан,
Пірынеі і Карпаты,
Апеніны і Урал.

Тут блакіту, як на небе,
бо вазёраў карагод.
Рэкі пояць шчодра глебу,
шмат таму вакол балот.

Рэкі слаўныя ў Еўропе:
Волга, Вісла і Дунай,
Днепр, Луара, Дон і Рона,
По, Пячора і Урал.

Тут прыгожыя мясціны,
ёсць і пушчы і бары,
луг альпійскі, як карціна,
стэпы - з кветак дываны.

Дзівяць мноствам красак дрэвы.
Поўдзень - субтрапічны рай:
пальмы, цытрусы, алівы.
Поўнач - снежны мховы край.

Вам жывёльны свет знаёмы:
ліскі, зайцы і зубры,
воўк, касуля і вавёркі,
мядзведзь і рысь, ласі, бабры.

Чалавек змяніў тут многа,
лес валіў, зямлю араў.
Гарады, масты, дарогі,
замкі, фермы збудаваў.

Знішчыў скарб, што ўзяў у Бога,
рэштку стаў абараняць.
План цяпер стварае строгі,
спадчыну, каб дзецям даць.

Ведай родныя шыроты,
дзе на мапе родны край.
Хутка нашу там Еўропу
самастойна адшукай.

Азія

верш пра Азію

Няма ў памерах роўні
сярод мяцерыкоў.
Экватар лёг на поўдні,
на поўнач да ільдоў.

Вялікую Еўразію
пачнем мы вывучаць
Еўропу ў ёй і Азію
прынята вылучаць.

Мяжа прайшла Уральскімі
гарамі і ракой,
вяршынямі Каўказскімі,
Каспійскім берагом.

У Азіі пустыні,
вільготныя лясы,
тайга і паўпустыні -
прыроды паясы.

Там снегам тундра поўна,
а ў стэпах - чарназём.
Ляжаць раўніны роўна
ў Сібіры дываном.

Там горы Гімалаі,
Цянь-Шань, Кунь-Лунь, Тыбет,
пад дзевяць тысяч мае
вяршыня Эверэст.

Шмат рэк вялікіх рангам:
Об, Лена, Енісей,
Амур, Інд побач з Гангам,
Янцзы і Хуанхэ.

Еўфрат і Тыгр у Міжрэччы,
Амудар'я з сястрой.
А дробных рэчак безліч,
напояць свет вадой

Там самае глыбокае
з усіх вазёр - Байкал.
А возера Аральскае
ўвесь час свет морам зваў.

Раслінны свет багаты:
ад пальмаў да імхоў,
дубы, бярозы, грабы,
кавыль між хмызнякоў.

Шмат хвойных усіх відаў,
бамбук, бавоўна, рыс,
чай, сакура і гінкга,
гевея, кіпарыс.

Жывуць там тыгры, барсы,
вярблюды, панда, як,
індыйскі слон і рысі,
шмат малпаў і макак.

Паўночныя алені,
пясцы, цюленяў шмат
і белыя мядзведзі,
паўлін і леапард.

Жыве там шмат народаў,
кітайцаў больш за ўсіх,
іх раса - мангалоіды,
хапае і другіх.

Ізраілю краіну
Бог даў на межах трох
Прабачыў іх правіны
Зямлю для іх бярог

Пра Азію больш ведаў
у кнігах атрымай.
На мапе без сумневаў
яе ты адшукай.

Афрыка

Афрыка, верш пра Афрыку

Самы цёплы мацярык
Афрыкай завецца.
Чуцен там ільвіны рык,
што між траў нясецца.

Пустынная на ім зямля
займае многа месца,
амаль што без жыцця яна,
Сахараю завецца.

Зямлю ратуе рака Ніл,
што лічаць самай доўгай.
саванне дасць жыццёвых сіл
плынь Нігера і Конга.

Замбезі варта не забыць,
што працякла між гораў,
праз вадаспад уніз ляціць,
Вікторыя каторы.

Аранжавая, Лімпапо -
цячэ там рэк нямала.
Збіраюць шмат пладоў, хлябоў
на ўзбярэжжах стала.

Не гораў, а нагор'яў шмат,
але не пройдзеш пешшу.
Вулканаў у Афрыцы парад,
Кіліманджара - першы.

Вакол экватара лясы
вільготнымі завуцца.
Ліяны нібы паясы
для малпаў прыдадуцца.

Сланы, жырафы, марабу,
гарылы, павіяны,
гіены, кракадзілы, гну,
фламінга, львы і канны.

Ёсць статкі зебраў, антылоп,
гепард за імі сочыць.
Там насарог, там бегемот
у рэчцы ногі мочыць.

Там з цёмнай скурай жыхары -
нягроідная раса.
Уклад жыцця вядуць стары,
даволі дзіўны часам.

Яшчэ арабскі там народ
жыве ў сваіх краінах.
Ад Абрагама вядуць род,
дакладней Ізмаіла.

Пра Афрыку ты пачытай!
Ёсць кнігі, Інтэрнэт.
На мапе хутка адшукай
Спякотны кантынент

Аўстралія

Аўстралія, верш пра Аўстралія

Хоць Аўстралія малая,
але шмат на ёй дзівос.
Кенгуру там насяляе,
яхідна, дзінга, качканос.

Там дзве Вялікія пустыні,
Вялікі, зноў-такі, заліў.
Вялікі рыф бар'ерны ў плыні
Хрыбет, што воды раздзяліў

Там не бываў герой Касцюшка,
яго імя носіць гара.
А пасярод пустыннай сушы
прывіды возера Эйра.

Там мноства дзіўных эўкаліптаў,
акацый, мангравых раслін
і птушак незвычайных відаў,
іх лірахвост нібы паўлін.

Там какаду крычаць што сілы,
і эму дзівіць мінакоў.
У Аўстраліі шмат кракадзілаў,
атрутных змей і павукоў.

А зверы носяць дзяцей у торбах.
Каала - сумчаты мядзведзь,
вавёрка з сумкай, мыш і вомбат,
сумчаты крот, мурашкаед.

На той зямлі жылі спрадвеку
абарыгены як народ.
Прыход з Еўропы чалавека,
змяніў жыцця звычайны ход.

Яны здалёку прыплывалі,
з сабой авечак прывезлі,
шмат гарадоў пабудавалі
і гаспадарку навялі.

І зараз людзі туды едуць,
хто па турызм, хто назаўжды.
Цяпер ты будзеш усё ведаць,
Давай Аўстралію на мапе пакажы.

Антарктыда

Антарктыда, верш пра Антарктыду

Чым вядома Антарктыда?
Заўжды холад там і снег,
ільдом уся яна прыкрыта,
не растане ён вавек.
Завіруха дзьме ад рання,
паўгады і ноч і дзень.
І палярнае там ззянне
свеціць у небе, як агмень.
Толькі мох расце з раслінаў,
крычыць паморнік над ільдом.
Жывуць заўсёды там пінгвіны.
Антарктыда для іх - дом.
Яны плаваюць у моры
на пузе кацяцца з гары.
Леапард марскі іх вораг,
цюлень і кіт для іх сябры.
Вось драпежнік злы - касатка.
Беражыся пінгвінятка!
Хутчэй з вады скачы на бераг
да братоў сваіх у шэраг.
І трымайся іх бліжэй,
каб было ўсім цяплей.
Ну а людзі там бываюць?
Там народы не жывуць.
Навукоўцы час там бавяць,
Антарктыду вывучаюць
і дамоў пасля плывуць.
Ты на глобус паглядзі,
Антарктыду там знайдзі.
Кантынент паўднёвы самы,
былым ён расфарбаваны

Сям'я

сям'я, верш пра сям'ю

Пахадзіла я па свеце,
шмат даведалася я.
Раскажу вам сёння, дзеці,
як ствараецца сям'я
Напачатку быў мужчына,
ён жанчыну пакахаў
Запрасіў усіх на вяселле,
яе жонкаю назваў,
называцца сам стаў мужам.
Вось цяпер яны- сям’я
А пасля ў гэтай пары
нарадзілася дзіця.
Клічуць іх цяпер бацькамі
Мама, тата, дачка, сын,
могуць быць яшчэ блізняткі-
ў іх дзень народзінаў адзін
Між сабою ў сям’і дзеці
ўсе сястрычкі і браты
Не з’яўляюцца сям’ёю
ні сабакі, ні каты –
гэта хатнія жывёлы:
рыбкі, птушкі, хамякі
Паглядзім цяпер навокал:
у бацькоў жа ёсць бацькі:
называем іх дзядулем і бабуляю мы
Калі ёсць у мамы брацік,
калі ў таты ёсць сястра
мы завем іх: цёця, дзядзя.
Можа быць і ў іх сям’я
Гэта – нашы сваякі,
вось стрыечныя браты,
і стрыечныя сястрычкі.
Іх таксама любім мы

Кругазварот вады ў прыродзе

кругазварот вады ў прыродзе, верш
Кропля ў хмары запытала:
"А чаму ты чорнай стала?"
"Кропляў шмат я назбірала,
На зямлю я дождж паслала,
Ты з сяброўкамі ляці -
на зямлю ваду нясі."
Капля долу паляцела,
у лужыне сясцёр сустрэла,
ручаём яны паплылі,
бкрагі ракі абмылі.
Наша ціхая рака
ўжо да мора дацякла.
І знаямая нам кропля
з хваляй далей паплыла.
Акіян сустрэў не штылем,
штормам кідаў акіян.
Кропля рухаецца ў плыні -
не разгледзець яе нам.

Супакой настаў на ранак.
Сонца промні раздае
і з паверхні акіяна
кроплі жвава дастае.
Парай паляцяць на неба,
каб аблокамі там стаць,
і праз пэўны час, як трэба,
дождж і снег на землю даць.

Вось вады кругазварот
Жыццё тут кроплі бачна.
Таму надвор'я паварот
Ты прымай удзячна.

Акіяны і кантыненты

акіяны і кантынент ы, вершы

Вось Зямля - наша планета,
Ёсць тут суша, шмат вады.
Суша - гэта кантыненты,
там будуюць гарады.
Шэсць усіх кавалкаў свету:
Ты замомні назвы ўсіх:
Цёпла ў Афрыцы як летам
больш Еўразія за ўсіх
Дзве Амерыкі ўслед
Паўночная, Паўднёвая
У Антарктыдзе заўжды снег
і шостая Аўстралія

Воды - гэты акіяны
На зямлі чатыры іх
між сабою ўсе звязаны
Назавем давай усіх
Вось Паўночны Ледавіты
І Індыйскі акіян
Ціхі тут, тут Атлантычны
Назаві цяпер ўсіх сам!

Арганізм чалавека

Арганізм чалавека

Расказала мама мне:
мозг жыве ў галаве.
Там царуе і пануе,
целам усім маім кіруе.

Я па чэрапе пагрукаў
і патыліцу пачухаў.
"Раскажы мне, пане мозг,
так, каб зразумець я змог,
што за дзіўная краіна,
у якой ты цар адзіны?
Калі руку падымаю,
хто табе дапамагае?
І куды сняданак мой
дзеўся? Тайны мне адкрой!"

Мозг пачаў мне па парадку
адкрываць сваю загадку:
"Тваё цела стварыў Бог,
толькі Ён так мудра мог
усе органы раставіць,
працу цела ўсю наладзіць.

Твой шкілет - твая апора,
многім органам - ахова.
Працавітыя цягліцы
цягнуць косткі, як асліцы.

Ім даю загады я,
ды і ўся мая сям'я,
што сістэмаю нярвовай
называюць навукова.
Дзяцей усіх маіх - нейронаў
па ўсім целе незлічона.
Ім кажу ў шэраг стаць,
загады клеткам перадаць.

Ну а хто дае нам сілы?
Ці то конскіх ці асліных...
Стрававальная сістэма
ежу варыць не дарэмна.
Пачынаючы з зубоў
усе працуюць як адно.
Стрававод вядзе ў страўнік,
калі той працуе спраўна,
і цукерка, і амлет
пераварацца ў паштэт.
Печань вылле сваю жоўць
варцы трэба дапамоч.
Як разумны пыласмок
кішачнік усмокчы змог
толькі тое, што карысна.
Рэшткі выкіне наўмысна.

Добрае трапляе ў кроў,
што мчыць па целе зноў і зноў.
Як па чыгунцы цягнікі,
нясе тавар ва ўсе бакі.
А рэшткі ў сметнік забірае,
ніколі часу не губляе.
Бо сэрца кроў заўжды штурхае,
і ноччу працу не спыняе.
Стучыць яно ў грудзях тваіх,
няспынны моцны рухавік.

У лёгкіх кроў мяняе газ,
таму ты дыхаеш якраз.
Нібы на станцыі запраўкі
ўдых напоўніць усе бакі.
А выдыхнеш што ўжо згарэла,
што скарыстала тваё цела.

Ад ворагаў трывожных звонку
закрыта цела скурай тонкай.
Унутры ёсць клеткі-абаронцы,
яны рашучыя малойцы,
мікробаў хутка акружаюць,
хваробы усе перамагаюць.

Такая вось краіна - Цела.
Цяпер табе ўсё зразумела?"

Уважліва расказ я слухаў,
патыліцу часамі чухаў.
Падзякаваў я пану мозгу
за працу і за дапамогу.
Цяпер я буду славіць Бога,
што Ён стварыў мяне такога.


Новы год

верш пра Новы год

Крычаць навокал мінакі
пра новы год ва ўсе бакі.
А што такое Новы год,
які святкуе наш народ?
Каб ведаў прагу задаволіць,
Не стаў здагадкі я прыводзіць,
Пытанне маме я задаў,
адказ імгненна атрымаў,

Што наша круглая Зямля
Верціцца нібы юла
Сонцу бокі падстаўляе:
"Дай цяпла і дай святла".

Днём на Сонейка зірнула
Яму рукі працягнула
ноччу твар свой адвярнула
і салодкім сном заснула.
Круціцца Зямля далей -
памяняла ноч і дзень.

Вакол Сонца круг зрабіла:
ёй паспець трэба за год,
Вясна зіму каб змяніла,
лета ў час каб наступіла,
восенню сабраць каб плод.

Вакол Сонца абарот -
вось што значыць цэлы год.
І дамовіліся людзі,
што пачатак году - студзень.
Гадам давалі нумары,
з часоў, як Бог Сусвет стварыў.
Але Ісуса нараджэнне
змяніла гэтае лічэнне,
І год Раства назвалі Першым,
каб памяць наша была лепшай.

Дык вось, две тысячы шаснаццаць
гадоў мінула, як наш Збаўца
у свет прыйшоў, каб нас змяніць,
грахі ўсе нашыя пакрыць.

Таму мы Новы год святкуем
і планы важныя будуем.
Цяпер скажу я мінакам:
Хай Госпад дабрасловіць вам.


Сонечная сістэма

верш пра Сонечную сістэму

Зорка Сонца ззяе ў небе -
цэнтр Сонечнай сістэмы.
Побач з Сонцам паліць скуру
першы ў шэрагу Меркурый.
Круціцца другой Венера,
з ядаў мае атмасферу.
На Зямлі, што нумар тры
ўсё жывое Бог стварыў.
Чацьвёрты - Марс -чырвоны шар,
іржа на ім, а не пажар.
Гігант Юпітэр - нумар пяць,
цыклоны вечна там шумяць.
Пазнаём Сатурн па кольцах,
шостым ходзіць вакол Сонца.
Круціцца як мяч Уран,
сёмым у шэрагу ён стаў.
А Няптун ідзе апошні
у Сонечнай сістэме - восьмы.


Месяцы і поры года

месяцы і поры года верш

Сняжком засыпала Зіма,
пакрыла рэчкі лёдам,
Раство ў хату прывяла,
за руку з новым годам.

У Снежні выпаў першы снег,
а ў Студзені марозна,
Кароткі Люты хутка збег
Дыхнуўшы сцюжай грозна.

Растопіць сонца снег Вясной,
ляцяць дадому птушкі,
зямля пакрыецца травой,
Прачнуцца нават мушкі.

З бярозным сокам Сакавік
цячэ па дрэвах сонных,
у прыгожых кветках Красавік,
травою Травень поўны.

А Лета - ягадаў пара,
цяплу і сонцу слава,
шум, песні з кожнага двара,
і ў кожнай хаце - справа.

Клубніцамі накорміць Чэрвень
у Ліпені мядовы пах,
абудзіць ў Жніўні вёску певень
жніво - ў палі, плады - ў садах.

Восень дожджыкам сустрэла
школьнікі за парты селі,
ў колерах прыгожых дрэвы,
птушкі ў вырай паляцелі.

у Верасні настала восень,
а Кастрычнік фарбы носіць-
лісце вогнішчам гарыць,
у Лістападзе з дрэў зляціць.

Часткі цела

верш пра часткі цела

Госпад даў мне маё цела.
Я ў люстэрка паглядзела:
ўсё зрабіў ён ладна,
прыгожа і дакладна.

Пачынаю з галавы.
Маеце яе і вы.
Па баках ёсць вушы -
чую ўсё я слушна.
У самым цэнтры сядзяць вочы
бачаць свет і днём, і ноччу
Нос мне дадзены, каб дыхаць,
і ў хваробе гучна чмыхаць.
Шчокі мяккія я маю -
усмешку імі я трымаю.
Мае бровы - нібы плот
не пускаюць у вочы пот.
Рот - як цэлая краіна:
там язык, зубы і сліна.
Вусны рухаюцца смела,
каб размаўляла я і ела.
Вакол твару валасы
відавочна для красы.
Шыю доўгую я маю-
галавой яна ківае.
Плечы маю, дзве рукі-
добрыя працаўнікі.
Локці, кісці і далоні,
пальцы спрытныя даволі.
Жыве ў тулаве маім
шмат унутраных часцін.
Для чаго мне ногі?
Каб таптаць дарогі!
Вось каленкі-сябрукі,
ступні, пяткі-круглякі
Спіну ззаду маю,
каб трымаць паставу.

Расказаць я вам хацела,
як у люстэрка я глядзела.
Часткі цела называла,
вашая чарга настала.