Хлопчыкі і дзяўчынкі. Адкуль бяруцца дзеці.

Тэкст: Наталія Станкевіч-Жданоўская. Крыніца: catholic.by

Прэзентацыя: Надзея Гарэцкая
Першая хваля цікаўнасці да палавой сферы прыходзіцца на ўзрост 3-5 год. У гэты час цікавасць дзіцятка напраўлена ў асноўным на пытанне аб тым, чаму існуюць людзі двух палоў і чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, а таксама – адкуль бяруцца дзеці. У гэты перыяд размова на гэтыя тэмы можа ініцыявацца як дарослымі (напрыклад, яны распавядаюць дзіцяці, што існуюць хлопчыкі і дзяўчынкі, тлумачаць, да якога полу адносіцца само дзіця і людзі з ягонага атачэння), так і дзецьмі – малы задае пытанні, бацькі адказваюць.

 

Што датычыцца пытання аб адрозненнях паміж паламі, то важна ведаць, што для малых да 3 год фізіялагічныя падрабязнасці насамрэч цікавыя менш, чым сацыяльныя ролі мужчын і жанчын, хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму часам дастаткова патлумачыць, што з дзяўчынак вырастаюць мамы, а з хлопчыкаў – таты, што хлопчыкі больш граюць у машынкі, а дзяўчынкі – у лялькі і г.д. Гэтаксама закладаюцца асновы сацыяльных паводзінаў мужчыны і жанчыны: «Мужчыны саступаюць жанчынам месца ў транспарце», «Жанчыны клапоцяцца пра дзетак» і г.д.  Зразумела, што у сучасным свеце мужчынскія і жаночыя ролі змешаныя, але пытанні дзяцей носяць, як правіла, вельмі канкрэтны характар, яны асноўваюцца на тым, што малы бача вакол сябе, і таму адказаць на іх прасцей.

 

 Пры гэтым, аднак, не варта абыходзіць і цялесныя праявы мужчынскасці і жаноцкасці, калі дзіцятка імі цікавіцца. Пры гэтым варта памятаць, што гэтыя адрозненні не зводзяцца выключна да палавых органаў: «У мужчынаў вываюць вусы ці бароды, а ў жанчын не», ці «Тата такі дужы, у яго такія вялікія плечы і рукі, таму што ён мужчына» і г.д.

 

Пытанне аб розніцы ў палавых органах можа узнікнуць у дзіцяці тады, калі яно бачыла гэтыя адрозненні. Найчасцей гэта здараецца ў дзіцячым садку, ці калі ў сям'і некалькі дзяцей і малодшых пераапраналі перад старэйшымі. (Варта заўважыць, што з'яўленне дарослых без адзення перад дзецьмі з пункту гледжання псіхалогіі непрымальна, бо мае інцэстуозны падтэкст. Зразумела, што тое ж адносіцца да любых дзеянняў сексуальнага характару ў прысутнасці дзіцяці).

 

Пры гэтым, калі для дзіцяці агучваліся іншыя адрозненні, то апошняе будзе ўспрымацца як адно з шэрагу іншых, не выклікаючы сораму, стрэсу ці павышанага нездаровага інтарэсу. Калі дзіцятка заўважае гэтыя адрозненні, можна проста спакойна падцвердзіць, што і ў гэтым хлопчыкі і дзяўчынкі адрозніваюцца.

 

 

 

Важна памятаць, што дзеці могуць даследваць свае палавыя органы, гэтаксама, як і іншыя часткі цела. Гэта норма, і калі не засяроджваць на гэтым увагу, а тым больш не пачынаць сарамаціць дзіця, то гэты інтарэс хутка пройдзе, і палавыя органы будуць для дзіцяці проста адной з частак ягонага цела.

 

 

 

Адказваем на пытанні, звязаныя з сексам і з'яўленнем дзяцей. Кажам праўду (не пра бусла і капусту), падаём інфармацыю коратка, згодна з узростам дзіцяці.

 

(«Дзеці з'яўляюцца з мамінага жывоціка». Можна прыводзіць прыклады знаёмых (Памятаеш, цёця Таня хадзіла з вялікім жывоцікам, потым паехала ў спецыяльны дом, і там з жывоціка выйшаў Ванечка»).

 

 

 

На пытанні, як дзіця трапляе у жывоцік, у залежнасці ад узроста можна казаць, што «Калі тата і мама вельмі любяць адзін аднаго, у іх з'яўляюцца дзеткі», «Тата абдымае маму, і ў мамы з'яўляецца малыш», «Ёсць асаблівы від любові, які магчымы толькі паміж татам і мамай, ад гэтай любові нараджаюцца дзеці».

 

 

 

Фізіялагічныя падрабязнасці не патрэбныя малым дзецям, гэтаксама  як і навуковыя назвы палавых органаў. Гэтыя словы не нясуць для дзіцяці ніякай інфармацыі. Зрэшты, і пра іншыя часткі цела мы не кажам «медыцынкай» мовай: кажам «вочы, вочкі», але не «вокавы яблык», «каленкі», але не «каленныя суставы» і г.д.

 

 

 

Ад 4-5 да 10-11 год у палавым сталенні дзіцяці пачынаецца перыяд «зацішша». У гэтым узросце яно вырашае іншыя задачы свайго развіцця, і інтарэс да «сексуальных» пытанняў мінімальны. Магчымыя пытанні могуць быць звязаныя з тым, што дзіця нешта бачыла ці чула на гэтыя тэмы – у садку, школе, у двары і г.д.  Адказваючы на гэтыя пытанні, важна даваць дзіцяці інфармацыю адпаведна ягонаму ўзросту, а таксама ўстрымлівацца ад асуджэння дзіцяці («Як ты можаш пра такое пытацца?!») і ад замоўчвання гэтых тэмаў («Ты занадта малы, каб пра гэта ведаць»).

 

 

 

Інтарэс да сексуальнасці вяртаецца ў перыяд пубертату (палавога сталення).