Прэзэнтацыя распавядае пра зьнешнюю будову птушак. Чаму Госпад стварыў такую разнастайнасьць? Чым адрозьнаваюцца птушкі адна ад адной?
Не мала разоў Біблія кажа пра птушак. Гэтыя стварэнні шмат у чым сталі сімваламі хрысціянства. Голуб – сімвал Духа святога, а таксама міру, бо голуб прынёс ветку алівы пасля Патопу. Арол – птушка, якая вучыць нас волі і мужнасці. “А тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца” (Ісая 40:31). Заўжды птушкі таксама былі сімваламі свабоды: “Душа наша вызвалілася, як птушка, зь сеткі лавецкай; сетка парвана, і мы вызваліліся” (Псалтыр 124:7)
Назіранне за птушкамі адкрывае перад дзеткамі новы вялікі свет, а бацькі могуць выкарыстаць гэта, каб вучыць сваіх дзяцей вернасці, трываласці і пакорнасці. Толькі ўявіце палёт у вырай, якое гэта выпрабаванне, асабліва для маладых птушак. А цудоўны прыклад вернасці ў птушыных сем’ях, клопат адзін аб адным і аб птушанятах. З якім супакоем і трываласцю птушкі лётаюць цэлымі днямі ў пошуках ежы для сваіх крыклівых дзетак. А тое майстэрства з якім птушкі будуюць свае гнёзды? Некаторыя гнёзды проста творы мастацтва і рамяства.
Таму знаёмства дзяцей з птушкамі нельга зводзіць толькі да вывучэння іх назваў. Больш за ўсё захапляюць аповеды аб жыццёвых клопатах птушак. Як горны арол выскубвае свае пёры і рызыкуе стаць лёгкай здабычай драпежніка дзеля таго, каб аднавіць сябе і мець магчымасць жыць; як зязюля падкідвае свае яйкі ў чужыя гнёзды, бо не можа карміць птушанят атрутнымі вусенямі, якімі харчуецца сама; як буслы пераадольваюць моры і горы, каб вярнуцца на Радзіму і выгадаваць сваіх маленькіх у родным гняздзе. Такіх гісторый шмат. Пашукайце іх і пачніце разам з дзецьмі гэта падарожжа ў птушынае царства.
Правядзіце адзін летні вечар на прыродзе, слухаючы песні салаўя, паназірайце за танцамі гарадскіх галубоў, пакарміце птушак зімою. Зрабіце птушак сваімі сябрамі!